Дзяржаўная ўстанова культуры «Жлобінскі гісторыка-краязнаўчы музей»

Дзяржаўная ўстанова культуры «Жлобінскі гісторыка-краязнаўчы музей» заснавана ў г. Жлобіне ў верасні 1987 г. у выніку рэарганізацыі грамадскага Музея народнай славы. Адкрыты для наведвальнікаў 15.02.1992 г. Галоўным аб'ектам экспазіцыйнага адлюстравання музея з'яўляецца гісторыя горада і раёна. Музей выконвае ролю навуковага, культурна-асветніцкага і метадычнага цэнтра музейнай справы ў Жлобінскім раёне; дапамагае далучыцца да нацыянальнай і агульначалавечай спадчыны, служыць выхаванню і самаадукацыі грамадзян. У музеі дзейнічаюць 6 экспазіцыйных залаў:. гісторыя Жлобіншчыны са старажытных часоў да XIX ст., этнаграфічная экспазіцыя, гісторыя будаўніцтва чыгуначнай дарогі, «Вялікая Айчынная вайна», «Акупацыя». На пачатак 2012 г. у фондах музея налічвалася 15817 прадметаў музейнага значэння, найбольш каштоўныя з іх: факсімільнае выданне «Слуцкае Евангелле», косці старажытных жывёл, калекцыя самавараў. Распрацаваны і праводзяцца ў музеі гульні-заняткі: «Родная хатка», «Беларускае адзенне» і інш. Выклікала цікавасць дарослых і дзяцей выстава «Лялька Даша, лялька Маша». Музей арганізоўвае і праводзіць сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, вязнямі канцлагераў, беларускімі мастакамі і пісьменнікамі.